ЯРЫЛА І ЛЯЛЯ
Ехаў Ярыла па ўваскросшай зямлі і п'янела ўсё жывое радасьцю буйнаю, Ярылу сустракаючы.
Расчынялі дрэвы свае пупяхі зялёныя, смалістыя.
Краскі ўлоньні свае насустрач богу маладому адкрывалі, нэктар цудоўны яму падносячы ў дарунак. Курывам - пахкім водырам цьветавым - дарогу ягоную акраплялі.
Брыняла зямля пяшчотаю нявесты маладой, цяплынёю курылася ласкавай.
Яр хадзіў па зямлі, сама зямля яравала, улоньне прагна насустрэчу Сонцалікаму з пожадзьдзю раскрывала.
І вылілася пожадзь - каханьне зямное - да бога-вызваліцеля залатымі латоцьцямі на грудзях зямлі.
Убачыў Ярыла ў сваім паходзе ўрачыстым латоцьця цьвет, убачыў, і заварушылася маладое сэрца бога.
Ключмі ня толькі зямлю сырую адчыніў, сэрцы істотаў зямных, але і сваё собскае.
Заярылася яно вагнём каханьня да зямлі нявесты.
Да латоцьця цьвету, сэрца зямнога, да пяшчоты расчыненага.
І пад поглядам палкім бога-юнака здрыганулі ад раскошы латоцьцявыя пялёсткі, асалоды водырам, нібы імглою акрыліся.
І пачалі ў імгле латоцьцевыя пялёсткі грудкамі цела белага раніцы адценем ружовым, вуснамі чырвонымі абяртацца, вырастаць.
Яшчэ міг і стала перад Ярылаю, ува ўсёй сваёй красе земскай, дзева з целам, нібы латоцьце залатое, а вачыма, нібы неба блакітнае, з косамі, нібы лён крывіцкі.
Зямная прага каханьня.
Зямная пожадзь запладненьня.
Ляля-прыгажуня, Ляля - Ярылавая нявеста - на хмельным банкеце вясновым. Ляля - багіня вясны, багіня радасьці хмельнай, багіня каханьня, багіня прыгаства.
І быў на зямлі банкет вясельны.
І была Ярылавая шлюбная ноч.
І было на зямлі каханьне.
І зачатак плоду зямнога.
